ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл. Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.

В.​Дз.​Марозаў, С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)